САРЫКАМЫ́ШСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914—15,
баявыя дзеянні паміж рас. і тур. войскамі ў раёне г. Сарыкамыш (Турцыя) 22.12.1914—18.1.1915 у час 1-й сусв. вайны. Тур. 3-я армія (камандуючы ваен. міністр Энвер-паша; 87 батальёнаў пяхоты, 22 сотні кавалерыі і 226 гармат) планавала разграміць рас. войскі і захапіць г. Карс. Рас. Каўказская армія (галоўнакамандуючы І.І.Варанцоў-Дашкаў, фактычна камандаваў яго пам. ген. А.З.Мышлаеўскі; 72 батальёны пяхоты, 43 сотні кавалерыі і 172 гарматы) імкнуліся ўтрымаць занятыя пазіцыі. Тур. армія дзейнічала разрознена і мела толькі часовы поспех. Рас. войскі, адбіўшы 29.12.1914 усе атакі праціўніка, перайшлі ў контрнаступленне і 2.1.1915 занялі Бардус, узялі ў палон 9-ы тур. корпус разам з яго штабам і камандзірам. Да 17—19.1.1915 рэшткі тур. арміі былі адкінуты на зыходныя пазіцыі.
т. 14, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)